Візіт прадстаўнікоў праектнага інстытута з Рэспублікі Узбекістан

3 і 4 лютага 2020 года РУП «Белэнергасеткапраект» з сяброўскім візітам наведалі прадстаўнікі АТ «Средазэнергосетьпроект» (скарочана САЭСП) - праектна-вышукальнага інстытута па аб'ектах энергетычнай галіны Рэспублікі Узбекістан. САЭСП уваходзіць у Асацыяцыю з іншымі роднаснымі праектнымі арганізацыямі СНД, былымі аддзяленнямі ўсесаюзнага інстытута Энергасеткапраект.

На сустрэчы з кіраўніцтвам нашага прадпрыемства госці абмяркоўвалі вопыт праектавання лічбавых падстанцый, прымяненне КРУЭ на аб'ектах Беларускай энергасістэмы, пытанні абароны інтэлектуальнай уласнасці. Замежныя спецыялісты расказалі аб працы сваёй праектнай арганізацыі, цікавіліся выкарыстаннем САПР пры праектаванні рэлейнай абароны і супрацьаварыйнай аўтаматыкі энергааб'ектаў.

Акрамя афіцыйнай сустрэчы спецыялісты з Узбекістана пагутарылі з калегамі з аддзелаў падстанцый, рэлейнай абароны і аўтаматыкі, ўліку і якасці электраэнергіі і абмеркавалі з імі тыя праблемныя пытанні, якія вырашаюць спецыялісты іх праектнай арганізацыі.

Па ўзгадненні з кіраўніцтвам філіяла РУП «Мінскэнерга» «Мінскія кабельныя сеткі» прадстаўнікі САЭСП наведалі ПС «Падлесная», каб непасрэдна азнаёміцца з вынікамі работ нашых праекціроўшчыкаў. На падстанцыі госці адзначылі эфектыўныя рашэнні, якія распрацавалі нашы спецыялісты пры праектаванні рэканструкцыі падстанцыі ў сціснутых гарадскіх умовах.

Узбекскія калегі цёпла падзякавалі кіраўніцтва і работнікаў РУП «Белэнергасеткапраект» і «Мінскіх кабельных сетак» за прадастаўленую магчымасць абмену вопытам у галіне праектавання і выказалі жаданне сустрэцца зноў і пазначыць кірункі для супрацоўніцтва паміж нашымі арганізацыямі.